Чакаем «Фэст экскурсаводаў». Маларытчане-краязнаўцы і экскурсаводы, гісторыкі і архітэктары, настаўнікі і супрацоўнікі музеяў — далучайцеся!

20 – 21 красавіка ў Беларусі пройдзе «Фэст экскурсаводаў» — шэраг бясплатных экскурсій па небанальных мясцінах і тэмах, якія будуць праведзеныя на працягу 2 дзён па розных кутках Беларусі.Ён прымеркаваны да Міжнароднага дня помнікаў і мясцінаў, які па ініцыятыве ЮНЭСКА вось ужо 30 год адзначаецца 18 красавіка. Мы звяртаемся да краязнаўцаў і экскурсаводаў – прапануйце свае цікавыя пешаходныя маршруты. Падрыхтуйце тэму, якой вам даўно карцела раскрыць, але не было на яе камерцыйнага заказу. Ахвяруйце некалькімі гадзінамі, каб падзяліцца сваімі ведамі з тымі, хто хацеў бы больш даведацца пра родныя мясціны.
У гэтым годзе ў межах Фэста будуць распрацаваныя і праведзеныя экскурсіі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў Мінску.
“Фэст экскурсаводаў” узнік у 2009 годзе з мэтай “пасябраваць” людзей з помнікамі, пазнаёміць жыхароў канкрэтных рэгіёнаў, гарадоў, вёсак, раёнаў і нават вуліц з тымі помнікамі, побач з якімі яны жывуць і ходзяць кожны дзень. У свядомасці чалавека часта жыве ўяўленне, што калі ты жывеш у нейкім месцы, то значыць ўсё пра яго ведаеш — і нічога цікавага побач няма. І менавіта ў гэтым хаваецца прычына занядбанасці шмат якіх гістарычных будынкаў. “Адкрыць вочы” мясцовым – вось што можа паспрыяць захаванню і адраджэнню таго ці іншага помніка!
Мы адкрытыя да супрацоўніцтва і чакаем новых удзельнікаў з цікавымі ідэямі!
Аргкамітэт «Фэста экскурсаводаў 2013»: ГА «Беларускі камітэт ІКАМОС», ГА «Беларуская асацыяцыя экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў», інтэрнэт-партал «Holiday.by», краязнаўчы клуб «Дыярыуш» (БДПУ імя М. Танка), турыстычная фірма «ТандэмТур»
Сайт Фэста: http://fest.icomos.by/

Добавить комментарий